“Наша ніва” пагутарыла з прадстаўніком Паспалітага рушэньня па сувязам з грамадзкасьцю Сяргеям Кедышкам.

Арыгінал артыкула на сайце “Наша Ніва”

Унук Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі стаў голасам Паспалітага рушэння, якое хоча «вызваліць Беларусь»

«Мы зноў адраджаем слаўную традыцыю Паспалітага рушэння, каб абараніць родны край», — заяўляюць стваральнікі згуртавання. Паводле іх, той, хто наважыцца прыйсці ў Рушэнне, мусіць быць гатовы, што яму давядзецца са зброяй у руках вызваляць Беларусь.

Сяржук Кедышка. Скрын з Youtube-канала Паспалітага рушэння

На сайце Паспалітага рушэння адзначана, што гэта «незалежнае, добраахвотнае аб’яднанне беларусаў, якія праз вайсковую, фізічную і тэарэтычную падрыхтоўку імкнуцца да абароны незалежнасці Беларусі, аднаўлення законнасці на яе тэрыторыі і адраджэння беларускіх ваярскіх і нацыянальных традыцый».

Яго прадстаўнік Сяржук Кедышка кажа, што Паспалітае рушэнне аб’яднала 8 харугваў, створаных беларускімі палітэмігрантамі ў Літве і Польшчы. Яны пачалі паўставаць з ініцыятывы прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка.

У харугвах больш за 150 чалавек.

«Людзі ў нас розных палітычных поглядаў. Ёсць беларускамоўныя. Большасць, зразумела, рускамоўныя, бо мы ж ведаем, на якой мове наша грамадства размаўляе. Але гэта ніяк не прыводзіць да сутыкнення. Гэтым мы паказваем, што ўсё магчыма. Могуць быць разам і анархісты, і нацыяналісты ў адной структуры, калі ёсць супольныя мэты», — адзначае Кедышка.

Па яго словах, цяпер спартова-ваенны кірунак у асяроддзі палітычнай эміграцыі запатрабаваны. 

Харугвы дзейнічаюць як вайскова-спартовы патрыятычны клуб, у якім людзі ў тым ліку набываюць навыкі абыходжання са зброяй, тактычнай медыцыны, агульнай вайсковай падрыхтоўкі.

Сяржук Кедышка адзначае, што Паспалітае рушэнне рыхтуе рэзерв для беларускіх і ўкраінскіх узброеных фарміраванняў. 

Ён не выключае, што ў Беларусі іх прызнаюць экстрэмісцкім фармаваннем.

«Але мы гатовыя і да практычных дзеянняў. Чалавек, які наважыцца прыйсці ў Паспалітае рушэнне, мусіць быць падрыхтаваны да таго, што яму давядзецца ўзяць зброю ў рукі і пайсці вызваляць Беларусь», — заяўляе Сяржук Кедышка.

Паспалітае рушэнне рэгіструе фонд, каб яго дзейнасць была легалізаваная ў Польшчы. Самі ж харугвы вырашылі аб’яднацца для пошуку рэсурсаў, бо «пачынаюць дзейнасць з нуля».

«У нас ёсць дамоўленасць на трэніроўкі з байцамі Палка Каліноўскага. Мы хочам заставацца ў парнёрскіх і сяброўскіх адносінах з усімі палітычнымі суб’ектамі, зацікаўленымі ў вызваленні і пабудове свабоднай дэмакратычнай Беларусі і разлічваем на іх дапамогу»,— адзначае актывіст.

Сяржук Кедышка служыў у дэсантных войсках. Дэмабілізаваўся сяржантам. Удзельнічаў у рэканструктарскім рыцарскім руху. Праводзіў заняткі з дзецьмі на гістарычную і рыцарскую тэматыку і працягвае гэта ў эміграцыі — у Варшаве заснаваў для дзяцей эмігрантаў «Школку жалезнага дрывасека».

Кажа, што быў заангажаваны ў розныя палітычныя аб’яднанні, але застаўся беспартыйным. У 2020 годзе за ўдзел у руху за свабодныя выбары супраць яго была распачатая крымінальная справа.

Сяржук Кедышка — унук арганізатара мінскага падполля Мікалая Кедышкі, Героя Савецкага Саюза, імем якога названая вуліца ў Мінску.

Паспалітым рушэннем у Вялікім Княстве Літоўскім называлася мабілізацыя ўсіх людзей на абарону айчыны ў выпадках выключнай пагрозы. Слова «паспаліты» на старабеларускай мове азначала «усеагульны, агульнанародны, усенародны, народны».

© Паспалітае рушэньне