У аснове сюжэту эмблемы Паспалітага рушэньня пакладзены гістарычныя традыцыі беларускай вайсковай сымболікі з даўніх часоў. Па апісаньню дзяржаўнага сьцяга Вялікага княства Літоўскага XVI стагодзьдзя, ён уяўляў сабою чырвонае палотнішча з выявамі Пагоні і Божай Маці. Тады нашыя продкі хадзілі ў атаку з баявым воклічам «Багародзіца! Дапамагай!». Захаваныя апісаньні і мастацкія сьведчаньні ўпэўніваюць нас у шырокім выкарыстоўваньні гэтых вобразаў у ваярскай традыцыі беларусаў. Акрамя дзяржаўных сьцягоў, гэта штандары прыватных магнацкіх і земскіх харугваў, мэдальёны і розныя аздабленьні дасьпехаў рыцараў і гусарскай кавалерыі, рынграфы вайсковых афіцэраў і паўстанцкіх камандзіраў.