Паспалітае рушэньне – гэта незалежнае, добраахвотнае аб’яднаньне беларусаў і неабыякавых іншаземцаў, якія праз вайсковую, фізычную і тэарэтычную падрыхтоўку імкнуцца да абароны незалежнасьці Беларусі і Ўкраіны, аднаўленьня законнасьці на яе тэрыторыі і адраджэньня беларускіх ваярскіх і нацыянальных традыцый.
Назва аб’яднаньня адсылае ў беларускую мінуўшчыну, калі ў XIV-XVI стагодьдзях форма арганізацыі войска і абароны краіны звалася «Паспалітае рушэньне». У тыя часы, у выпадку баявых дзеяньняў, кожны шляхціц зьбіраўся ў паход у поўным узбраеньні, а землеўладальнікі былі абавязаныя выстаўляць пэўную колькасьць ваяроў. Вайсковымі адзінкамі ў Паспалітым рушэньні былі харугвы, якія складаліся з атрадаў па тэрытарыяльнам ці родавом прынцыпе.
З сярэдзіны 1990-ых гадоў, пасьля зьменаў у Канстытуцыю і іншых незаконных дзеяньняў, у Беларусі ўсталяваўся аўтарытарны прарасейскі і нэасавецкі рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Апагеем яго антынароднай і антыбеларускай дзейнасьці сталі падзеі прэзыдэцкіх выбараў 2020 году і наступны тэрор супраць уласных грамадзянаў і ўсяго нацыянальнага. Па сутнасьці, зараз беларускаму народу аб’яўленая вайна з боку хунты кантралюемай з Масквы.
У такія цяжкія для Беларусі і Ўкраіны часы мы зноў адраджаем слаўную традыцыю Паспалітага рушэньня, каб абараніць родны край. На добраахвотніцкіх пачатках створана незалежная структура, якая складаецца з харугваў – рэгіянальных адзьдзяленьняў. На сёньняшні момант створаныя наступныя адзінкі: Варшаўская, Беластоцкая, Уроцлаўская, Гданьская, Лодзкая і Познаньская харугвы ў Польшчы, а таксама Віленская і Ковенская харугвы ў Летуве. У рамках дзейнасьці Паспалітага рушэньня, пад кіраўніцтвам дасьведчаных інструктараў, праводзіцца інтэнсіўнае навучаньне ўдзельнікаў па фізічных і тэарэтычных дысцыплінах.